ЭЛЕКТРО́ДНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

працэсы, якія адбываюцца ў тонкіх паверхневых слаях на мяжы электродаў з электралітамі і звязаныя з пераносам электронаў праз мяжу падзелу асяроддзяў пры праходжанні эл. току. У залежнасці ад напрамку пераносу электронаў (з электрода ў электраліт ці наадварот) адрозніваюць катодныя і анодныя Э.п., якія прыводзяць адпаведна да аднаўлення ці акіслення рэчыва электрода. Адрозненне Э.п. ад звычайных хім. працэсаў — залежнасць іх скорасці ад электроднага патэнцыялу, а таксама магчымасць прасторавага раздзялення працэсаў акіслення і аднаўлення, што выкарыстоўваецца ў хімічных крыніцах току і пры электролізе. Гл. таксама Анадзіраванне, Гальванатэхніка.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)